ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т.л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
Г.Я.Галенчанка.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)